Падзеі

Удалая прэм'ера варштата "Чароўныя нейрасеткі" ў Любліне

2024-03-25 20:30
23 сакавіка ў прасторы «Баабаб» у Любліне адбыўся варштат для дзяцей "Чароўныя нейрасеткі", арганізаваны Фондам "Цэнтр грамадскага дыялогу".
Мерапрыемства сабрала юных творцаў ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, якія навучаліся ствараць нейравыявы з дапамогай сучасных тэхналогій. Асаблівасць варштата палягала ў тым, што дзеці засвойвалі выкарыстанне нейрасеткі Midjourney і асновы промптынгу, што дазволіла ім стварыць малюнкі, якія ў будучыні будуць анімаваныя для мультфільмаў, прысвечаных беларускім гістарычным постацям.

Удзел у варштаце ўзялі дзеці розных узростаў, і кожны з іх паказаў высокі ўзровень творчасці. Асабліва цікава было назіраць за працай самай маладой удзельніцы, якой было ўсяго 7 гадоў. Яе малюнак гарнастаю асабліва натхніў астатніх дзяцей. Іншыя ўдзельнікі стварылі малюнкі ваўкоў і сокалаў — жывёл, з якімі звязаныя легенды пра Усяслава Чарадзея, знакамітага полацкага князя.

Гэтыя творы стануць асновай для анімацыі, якая будзе выкарыстаная ў новым мультфільме пра Усяслава Чарадзея. Юныя мастакі таксама атрымалі магчымасць стаць часткай творчай каманды, бо іх імёны з'явяцца ў тытрах будучага мультфільма.

Мерапрыемства прайшло ў надзвычай сяброўскай і натхняльнай атмасферы. Дзеці з цікавасцю вывучалі новыя тэхналогіі, а бацькі мелі магчымасць паназіраць за працэсам і падтрымаць сваіх маленькіх творцаў. Па выніках варштата ўсе ўдзельнікі атрымалі запрашэнні на летнюю прэм'еру мультфільмаў, дзе яны змогуць пабачыць свае ілюстрацыі на вялікім экране.

Такія мерапрыемствы з’яўляюцца унікальнай магчымасцю для развіцця дзіцячай творчасці і спрыяння вывучэнню беларускай гісторыі праз мастацтва.